Выстава гісторый і фота “Нашы родныя” у Гродна

2015-10-05

Мы радыя запрасіць вас на выставу гісторый і фота “Нашы родныя” (сумесны праект ТЕРГО, “ТОЧКА ОПОРИ”, Анастасіі Жыўкавай і Аляксея Салманава)
Выставу ÿ Гродна можна будзе пабачыць падчас квip-кiнафестываля DOTYK з 9 кастрычніка па 20 лістапада. Прэзентацыя праекта i cyстрэча з аўтарамi адбудзецца ў нядзелю 11.10 у 14:00.
Месца выставы: анцiкафе “Жывы Час”, вул.К.Маркса,13/1, Гародня.
Уваход вольны

«Нашы родныя – гэта шэраг асабістых гісторый сваякоў ЛГБТ-людзей, за якім стаіць мара падтапіць лёд маўчання і прытворства гетэранарматыўнасці. Гэты праект з’яўляецца поглядам на сямейную штодзённасць па-за клазетам і спальняй. Нашы родныя – гэта гісторыі адважных маці і далікатных дзяцей. Яны распавядаюць пра роспач і салідарнасць. Пра слёзы непаразумення і абдымкі прымірэння. Пра сярдзітыя цыдулкі і кранальныя смскі. Пра адзенне ад брата да брата. Пра смак хатняй ежы. Пра размовы на заспаных кухнях. Пра роднасці па крыві і па духу. Пра голас геніяў і свабоду выбару. Пра мары аб вясёлкавай будучыні», – кажа аўтарка праекта Анастасія Жыўкава.

Спасылка на мерапрыемства

Пазнаёміцца з гісторыямі
(пераклад Багдана Хмяльніцкага)

Гісторыя першая: Аня, Міця, Насця

Насця: Мы з Міцем пазнаёміліся на рабоце. Ранішняя дарога да офіса займала не менш за гадзіну. Мы разгаварыліся і вырашылі жыць разам. Незаўважна Міця стаў для мяне як родны, а мая мама – яго мамай. Нават зараз ужо няма адчування, што быў такі час, калі яго з намі не было.

Аня: Маё першае дзіцё загінула. Медыкі прадракалі бясплоддзе. А я вельмі хацела дзяцей. Насця дасталася мне надта складана. Але нарадзісь яна хоць чортам у крапінку – я б яе прыняла і гэткую. Насця вырасла, стала псіхолагам. Навучалася і працавала адначасова. З Міцем здымала кватэру. Калі мы знаёміліся, Міця заявіў: “Я – гей”. А я адказваю: “Ну дык і што?”

Аднойчы Насця прынесла з работы гісторыю пра дзяўчыну са спробай самагубства: бацькі адмовіліся прымаць яе ідэнтычнасць. Нас гэта гісторыя кранула за жывое.

Надышоў час, калі з’ёмную кватэру трэба было вызваляць, і Насця з Міцем перабраліся да мяне. Аднойчы Насця паехала ў камандыроўку, а Міця пайшоў у клуб і забыўся папярэдзіць мяне. Не тое, каб я прызвычаілася лезці ў чужое асабістае жыццё, проста я – квактуха, хвалююся. Да трэцяй гадзіны ночы ён не з’яўляўся, а я чакала. Потым не вытрымала і патэлефанавала. Кажу, давай дамовімся: калі цябе доўга няма, ты проста тэліш і кажаш, што ўсё нармалёва. Пагутарылі ды за 15 хвілін Міця прымчаўся дадому на таксі. Ён быў вельмі крануты. Тады папрасіў дазволу называць мяне мамай.

Міця: Сувязь з біялагічнай сям’ёй у мяне іншая. Такога ўзроўню блізкасці, як у нас з Аняй ды Насцяй, я ніколі не адчуваў. Калі мы толькі з’ехаліся, я думаў гэта нейкае кіно. Не могуць людзі гэтак добра стасавацца, жартаваць, па вечарах за гарбатай абмяркоўваць падзеі мінулага дня. У тую ноч я ехаў з клуба са слязьмі на вачах і дзіцячай радасцю ў сэрцы. За мяне хвалююцца, я – патрэбны.

Аня: Не ведаю, як б я без іх перажыла маміну хваробу і смерць. Яны падтрымаюць мяне ў радасці і смутку. Бываюць такія моманты калі мы, нічога дакладна не ведаючы, адчуваем, што трэба стэлефанавацца.

Насця: Уся наша сям’я прыняла Міцю. І дзядзькі, вайскоўцы – таксама. Мы любім збірацца разам на пасядзелкі за гарбатай і наліснікамі. У кожнага – сваё ўлюбёнае начынне.

Міця: Калі мы з партнёрам здолеем распісацца, мама і Насця абавязкова будуць на маім вяселлі. І дзяцей мы таксама плануем.

 

 

 

Гісторыя другая: Антаніна

Мой сын нарадзіўся вельмі маленькім, неданошаным. З дзяцінства было бачна, што ён не такі, як астатнія хлопцы. З маленства любіў бавіць час са мной на кухні. Гатаваць супы, салаты, пячы. Кожную пятніцу мы займаліся выпечкай на выхадныя: рабілі пірозівы, тортыкі, рулеты. Яму асабліва падабалася ўсё гэта добра ўпрыгожваць. Ды наогул, ён бавіўся не з машынкамі, а з дзяўчаткамі і іх лялькамі. А ў школе пачаў нават цікавіцца модай і макіяжам. Да тэхнікі ж ён быў цалкам абыякавы. Моўчкі я назірала за яго асаблівасцямі, а мой муж быў катэгарычна супраць. Казаў, што мы мусім перавыхаваць сына.
Камін-аўт, як такі, ніколі не адбываўся. Калі сыну споўнілася дваццаць, ён закахаўся ў хлопца, які рабіў у нас рамонт. Той пачаў заставацца ў нас, і яны праводзілі час разам. Гэта стала складана не заўважаць. Я тады была зацятай гамафобкай, злавала на сына, лаялася вельмі непрыгожа. Выгнала іх абодвух з дома і моцна перажывала. Яны знялі кватэру. Тры дні мы не бачыліся. Тады я пайшла да іх. Сын не апраўдваўся, ды я нічога не высвятляла. Мы проста абняліся і сталі бліжэй
Першы час мне было надта цяжка, я плакала, не магла заснуць, думала: за што гэта мне. Мой муж ужо памёр, і я засталася з праблемай сам-насам. Не было з кім паразмаўляць. Думала: а што скажуць сваякі, а што – суседзі. Спачатку вельмі сердавала, а потым патроху пачала прымаць. Вырашыла: ну, даведаюцца, ну, пагамоняць, а сын мусіць быць шчаслівым. Зразумела, што павінна яго падтрымліваць, абараняць. Пачала чытаць брашуры. Патрапіла на сустрэчу бацькоў. Два гады мне спатрэбілася, каб з гамафобкі вырасці ў актывістку. Дачка з зяцем таксама прынялі сына. Сказалі ён – наш. Мы яго не падтрымліваем, але патроны падаваць будзем.
Толькі адна суседка перыядычна спрабуе распавесці нейкую брыдоту пра геяў. Мяркую, што яна зайздросціць – у яе сына жыццё дагары нагамі. Намагаюся не ўцягвацца, калі я бачу, што чалавек проста хоча паспрачацца.
Хлопец, да якога сын пайшоў, апынуўся вельмі добрым чалавекам. Рана застаўся сіратой. Я замяніла яму маму, і цяпер у мяне два сыны. Абодва мяне любяць ды навыперадкі хочуць штосьці для мяне зрабіць. Яны былі цудоўнай парай. Я так любіла, калі яны прыходзілі да мяне разам глядзець кіно. Ці бралі з сабой на пікнікі за горад. Зараз яны разышліся, і мне балюча.
Сын часта наведвае мяне, прывозіць усялякія смачныя гасцінцы. Мне прыемна назіраць, як развіваецца го кулінарны талент. Яго сушы – непераўзыдзеныя. Яго кексы – найлепшыя. Сябры кажуць: пойдзем да Сашы, у яго заўжды смачненька.

1.Antonina 8.Antonina 7.Antonina

Гісторыя трэцяя: Надзея

Майго сына ўжо няма ў жывых, і мне яго вельмі не хапае. Мы жылі разам. Пра стасункі мы гутарылі даволі рэдка, бегла, не акцэнтуючы на гэтым увагі. І камін-аўта як такога не было. Бо тое, што ён гей, я зразумела, яшчэ калі ён быў падлеткам. Знаёмыя імкнуліся настроіць мяне супраць яго, але я адмаўлялася. Казала мне ўсё роўна, бо я ніколі не цешыла сябе ілюзіямі, што магу нешта змяніць.

Ён быў самастойным дзіцём, змалку сам хадзіў па прадукты. І спакойным ніколі не быў – быў няўрымслівым, гаваркім. Пры гэтым ён меў манеру казаць правільна і выразна. Яму было дастаткова аднаго спрэчнага пытання, каб сарваць урок. Я тую яго звычку ведала, і спрабавала адказаць на складаныя пытанні, адштурхоўваючыся ад дакладных навук. Мяркую, таму мне было прасцей. Хоць і не ведаю, ці гэта слушна, але я заўжды гэтак рабіла.

Навіна пра яго ВІЧ-пазітыўны статус стала сапраўдным выпрабаваннем. Супрацоўнік цэнтру прыйшоў, калі сына не было дома. Насуперак усім стандартам перадаў яго аналізы мне. Так не павінна быць, але адбылося. Прыйшлося сабрацца, распавесці пра візіт медыкаў і максімальна мякка папрасіць здаць паўторныя аналізы. Сын вельмі хваляваўся, але ВІЧ пацвердзіўся.

Я хутка авалодала сабой. Стала збіраць інфармарацыю паўсюль, дзе магла – тэлебачанне, радыё, газеты. І зразумела, што не такі страшны чорт, як яго малююць. Калі сын спрабаваў вылучыць сабе асобны камплект посуду, я тыдзень яго за ім мыла і ставіла асобна. Тады перамяшала ўвесь посуд і сказала: “Супакойся. Мы разам ямо, цалую цябе, трымаю за руку. Прымаю такім, які ты ёсць. Што да мяне – табе няма чаго баяцца”.

Пазней ён пачаў жыць з сябрам. Тут расхвалявалася я – ужо за сябра. Ды сын сказаў, што сябар ведае пра яго дыягназ і яны засцерагаюцца. Сябар быў закрытым, але ім было добра ўдвух і яны хацелі быць разам. Неяк яны адпачывалі ў парку, і тут раптам у іх бок пасыпаліся тыповыя абразы. Іх пабілі, прычым даволі моцна. Медыцынскую дапамогу сыну прадастаўляць адмовіліся. Менавіта таму, што ён быў ВІЧ-інфікаваным. Яго дыягназ ніколі не быў справай толькі яго і тэрапеўта. З першых дзён вялікімі чырвонымі літарамі на ўсю медыцынскую картку было напісана: “ВІЧ”. Яму ўвесь час адмаўлялі ў прыёме. Таму, я думаю, на гэтай сістэме ляжыць вялікая частка віны. А ўсё магло быць інакш. Недахоп праўдзівай інфармацыі, нянавісць, пыхлівасць, нядбайнасць забралі жыццё майго сына заўчасна.

Былі і іншыя людзі, якія ставіліся да яго без забабонаў. Увесь час яго вельмі падтрымлівала псіхолаг. Яны прывяла яго ў сетку людзей, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі. Заахвоціла да работы. Ён захапіўся ідэяй пра тое, што дапамагчы падтрымкай ды інфармацыяй можна шмат каму. Сын пачаў развівацца, стаў рэгіянальным каардынатарам, хацеў пашырыць сваю дзейнасць на ўсю вобласць. Людзі дасюль часта дзякуюць мне за яго работу. Кажуць, што дагэтуль жывыя толькі дзякуючы яму. Мне прыемна і я ганаруся ім.

10.Nadija 4.Nadija 8.Nadija

Пра аўтараў:

Анастасія Жыўкава (1985, Кіеў) – аўтарка тэкстаў, фатографка, трэнерка, перакладчыца. Скончыла аддзяленне нямецкай філалогіі. . Творы выстаўляліся ў галерэях Детенпула (Львоў), Ефір (Кіеў), Арт-цэнтр Ермілова (Харкаў), Коридор (Ужгарад), Ў (Менск).
Пераклады і тэксты публікаваліся з выданнях Країна, Шо, Спільне, Політична Критика, Урбаністичні студії, Медуза.

Аляксей Салманаў (1976 Растоў-на-Доне) – мастак. Пачаў мастацкую дзейнасць у 2008 годзе. У 2010 вучыўся ў студыі Алафура Эліясана, у Берліне. Рэзідэнт Izolyatsia AIR programe `12. Прымаў удзел у шматлікіх выставах, у тым ліку ў Sputnik gallery, Нью-Ёрк (ЗША), “Універсам” – паралельны праект 3-яга Маскоўскага біенале сучаснага мастацтва, Масква (Расія), Supermarket Artfair, Стакгольм (Швецыя), Kunstvaai – festival of independents, Амстэрдам (Галандыя), PinchukArtCentre, Кіеў (Україна). У 2009 годзе выйграў спецыяльную ўзнагароду PinchukArtPrize. Жыве і працуе ў Кіеве.

TERGO (з лац. – тыл) – бацькоўская ініцыятыва, садружнасць бацькоў ды сяброў лесбіянак, геяў, бісэксуальных і трансгендарных асоб, якія падтрымліваюць сваіх родных. Грамадская арганізацыя праводзіць рэгулярныя сустрэчы бацькоў раз на месяц з красавіка 2013 года.

фатаздмкі з прэзентацыі:

IMG_1138

  • Культурна-асветніцкая ўстанова "Кінаклуб “Дотык”’
  • Распрацавана null_studio