Вітаем вас на сайце фестываля «DOTYK»!

2015-02-04

«DOTYK» – першы беларускі квiр-кінафестываль у Мінску. Гэта некамерцыйнае культурніцкае мерапрыемства, якое закранае актуальныя тэмы ідэнтычнасці і самавыяўлення, праблемы гамафобіі, сэксізму і іншых формаў ксенафобіі.

Фестываль квiр-кіно пройдзе з 20 лютага да 1 сакавіка на розных пляцоўках горада Мінска: Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”, кінатэатр “Ракета”, культурніцкі цэнтр Studio67, клуб “Графіці”

Праграма фэсту складаецца з больш чым 15 мастацкіх і дакументальных фільмаў на сацыяльную, культурную, праваабарончую тэматыку, сярод якіх – удзельнікі і пераможцы вядомых міжнародных фестываляў.

Дакументальная праграма будзе прадстаўлена разнастайнымі фільмамі з Нідэрландаў, Францыі, Новай Зеландыі, ЗША, Фінляндыі і Даніі, якія будуць паказаны на мове арыгіналу з беларускімі/рускімі субтытрамі.

У межах рэтраспектывы, разам з праектам Cinemascope, будуць дэманстравацца фільмы «Міхаэль» Тэадора Дрэйера (1924), у суправаджэнне музыкаў, «Дзяўчыны ва ўніформе» Леанціны Саган (1931), «Арфей» Жана Както (1950), «Ахвяра» Бэзіла Дзiрдэна (1961), «Горкія слёзы Петры фон Кант» Вэрнэра Фасбіндэра (1972) і інш.

Гледачы змогуць ацаніць фестывальную падборку анімацыі і эксперыментальнага кіно ў межах “Ночы Кіно” 21 і 28 лютага. Таксама іх чакаюць канцэрт гуртоў “Касіяпея” і ЭВМ-party.

Акрамя кінапаказаў, у межах кінафестываля пройдуць сустрэчы з рэжысёрамі і арганізатарамі міжнародных кіна-фестываляў, адукацыйныя лекцыі, выступ украінскага гурта «Людьска Подоба», а таксама выстава «больш, чым ЁН».

Сардэчна запрашаем на кінафестываль!

  • Культурна-асветніцкая ўстанова "Кінаклуб “Дотык”’
  • Распрацавана null_studio