DOTYK 2018

IV Міжнародны фестываль квір-гісторыі DOTYK. Зрабі крок!

Міжнародны фестываль квір-гісторыі DOTYK пройдзе з 6 па 8 красавіка ў Мінску. Місія DOTYK – набліжэнне нашага грамадства да талерантнасці і прыняцця, і сёлета мы запрашаем зрабіць гэты крок разам!

DOTYK адкрывае для сябе новы фармат і адпраўляецца ў мінулае, каб лепш разумець будучыню. Асноўнай падзеяй фестывалю стане адкрытая канферэнцыя, прысвечаная квір-гісторыі і ненарматыўнай ідэнтычнасці на пост-савецкай прасторы з удзелам спікера_к з Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Латвіі, Францыі і Эстоніі.

Гісторыя можа стаць падмуркам, ад якога супольнасць мае адштурхоўвацца, глебай для новых ідэй і натхнення, прызмай, якая пакажа звычныя для нас з’явы ў нячаканым ракурсе. Мы хочам паглыбіцца ў квір- і ЛГБТ+ гісторыю былога СССР, каб зрабіць з яе высновы аб сучаснасці.

Акрамя канферэнцыі пройдуць публічныя лекцыі і прэзентацыі, відэа-паказ спектакля, вечарына і канцэрт спявачкі і паэткі Вольгі Краўзэ.

Мы за нянудную адукацыю! У маргіналізацыі гісторыі ЛГБТ+ супольнасці ў постсавецкай прасторы ёсць свае плюсы: замест пыльных кабінетаў яна выходзіць на вуліцы. Выступы даследчы_ц з розных краін Еўропы распавядуць аб жыцці звычайна_й прадстаўні_цы ЛГБТ+ супольнасці ў СССР, пра цяжкасці захавання квір-гісторыі, аб бачнасці ЛГБТ+ супольнасці ў публічнай прасторы. Вы даведаецеся пра тое, як розныя сацыяльныя аспекты жыцця ў СССР, такія як ідэалогія і шматнацыянальнасць, паўплывалі на ЛГБТ+ супольнасць. DOTYK пакажа, як гісторыя фармуе наша агульнае тут і зараз.

Даследчыца гісторыі Іра Ралдугіна прадставіць відэазапіс свайго сумеснага праекта з драматургам Валерыем Пячэйкіным. Спектакль заснаваны на ўнікальных лістах раннесавецкіх квір-асоб 1920-х гадоў да Уладзіміра Бехцерава, найбуйнейшага эксперта эпохі, псіхіятра і неўролага. Сяляне і рабочыя з Адэсы, Петраграда, Екацярынаслава адкрыта пішуць аб сваёй гомасэксуальнасці. Драматург сказаў аб праекце: «Прафесар Бехцераў не адказаў на ліст грамадзяніна Палякова, які расказвае яму аб сваім інтымным жыцці. Прафесар напісаў на яго палях толькі адно слова — «Вычварэнства». Гэтай працай мне захацелася адказаць грамадзяніну Палякову. І сказаць яму: гэта не вычварэнства. Мы з табой, дарагі таварыш».

DOTYK – за развіццё і душы, і цела. На ўрачыстым адкрыцці фестывалю тонкія струны вашай душы і сваёй гітары наладзіць музыка Аня Жданава. У суботу ўвечары адбудзецца канцэрт першай іконы савецкага квіру – бясстрашна шчырай паэткі і спявачкі Вольгі Краўзэ. Вечар завершыцца танцамі для ўсіх – на другі з серыі вечарынак «Ды ўсё зараз # 2» Moonilena (Стакгольм), Фера Ледяева / Fera Ledyaeva (Мінск), Rosemary Loves A Blackberry (Масква) і Васіліса Палянина (Мінск) запрашаюць вас адсвяткаваць бясконцую свабоду!

Асноўнай пляцоўкай фестывалю стане прастора Сталоўка XYZ (вул. Фабрыцыуса, 4, 3 паверх). Уваход на ўсе мерапрыемствы фестывалю акрамя вечарынкі будзе вольным. На фэсце прысутнічае ўзроставае абмежаванне для наведвальні_ц 18+.

Зрабі крок!

  • Культурна-асветніцкая ўстанова "Кінаклуб “Дотык”’
  • Распрацавана null_studio