DOTYK

— некамерцыйная культурна-асветнiцкая ўстанова, дзейнасць каторай закранае актуальныя тэмы ідэнтычнасці і самавыяўлення, узнімае праблемы гамафобіі, трансфобіі, сэксізму і іншых формаў ксенафобіі ў беларускім грамадстве.

DOTYK выбудоўвае камунікацыю не на мове акадэміі, а на мове мастацтва – універсальнай мове чалавецтва. Мы лічым, што мастацтва паказвае жывыя гісторыі і не спрашчае іх да статыстычных дадзеных. Яно адлюстроўвае складанасць і разнастайнасць свету, варыятыўнасць, якая прысутнічае паўсюдна.

Гісторыя

DOTYK узнік на пачатку 2015 года з ініцыятывы To Be Queer, стыхійнага і гнуткага згуртавання ініцыятыў, якое ў перыяд свайго існавання выступала ў ролі перамоўнай пляцоўкі і ідэйнай кансалідацыі актывістак/актывістаў, даследніц/даследнікаў, неабыякавых да праблем дыскрымінацыі. У сярэдзіне 2015 года згуртаванне To Be Queer спыніла сваё існаванне, і DOTYK набыў самастойнасць.

Спачатку DOTYK планаваўся як кінафэстываль з суправаджальнымі імпрэзамі, які б раз на год праходзіў у Менску і дапамагаў асэнсоўваць досвед дыскрымінаваных па якой-небудзь прыкмеце груп. Першы кінафестываль прайшоў у Менску у лютым 2015 года. Фестываль уключыў у сябе паказы мастацкіх і дакументальных фільмаў, анімацыі, правядзенне выстаў, лекцый, варкшопаў, канцэртаў і сустрэч з гасцямі з розных краін. Але ўжо праз некалькі месяцаў каманда зразумела, што не жадае абмяжоўвацца выключна яго арганізацыяй. Так DOTYK перарос межы ўласна кінафестывалю і пачаў спалучаць розныя фарматы, ператварыўся ў фестываль квір-культуры, асвоіў розныя пляцоўкі, трапіў па-за межы сталіцы.

Каманда DOTYK імкнецца да таго, каб рэгулярна праводзіць культурна- адукацыйныя імпрэзы ў Менску і абласных гарадах Беларусі. Апроч таго, мы ахвотна супрацоўнічаем з творчымі людзьмі, незалежна ад ступені іх вядомасці і досведу, працуем над стварэннем арт-праектаў, актуальных у лакальным кантэксце.

Місія

Мы імкнемся пераадолець праявы дыскрымінацыі, падтрымліваем і прасоўваем прынцыпы роўнасці назалежна ад сэксуальнай і гендэрнай ідэнтычнасці шляхам адукацыі і мастацтва ў беларускім кантэксце.

Дзейнасць

Пачаўшы сваю дзейнасць выключна як кінафестываль, DOTYK хутка пашырыў яе межы. Сення наша каманда рэалізоўвае разнастайныя праекты ў галіне мастацтва і адукацыі, ладзіць фестываль квір-культуры DOTYK і выставачныя праекты, вядзе сістэматычную культурна-асветніцкую дзейнасць. З канца 2016 года пачаў сваю працу камьюніці-цэнтр, структура, прызначаная аказваць комлексную дапамогу ахвярам дыскрымінацыі на падставе гендэрнай ідэнтычнасці і сексуальнай арыентацыі, а таксама іх блізкім.

Наша дзейнасць накіравана на беларускую афлайнавую прастору, таму адным з нашых прыярытэтаў з'яўляецца стварэнне бяспечных прастораў для дыскусій, памену думкамі і знаёмстваў. Мы хацелі б з'яднаць людзей, якія маюць падобны досвед непрымання грамадствам, якія пачуваюцца самотнымі і нябачнымі ў культурнай, сацыяльнай і палітычнай сферах; папоўніць лакуны, звязаныя з выцясненнем ЛГБТКА-людзей і іншых дыскрымінаваных груп з ўсеагульнай гісторыі і мастацтва.

Прынцыпы і каштоўнасці

Каштоўнасці каманды DOTYK грунтуюцца на прынцыпе недыскрымінацыі ў шырокім сэнсе. Мы імкнемся пашырыць веды пра тое, што маргіналізацыя тых ці іншых груп антыгуманная па сваёй сутнасці і што нашы адрозненні не скасоўваюць магчымасць суіснаваць у атмасферы павагі і прыняцця. DOTYK выступае супраць ксенафобіі, шавінізму, расізму, сэксізму, гома-, транс, і біфобіі, мілітарызму, каланіялізму і іншых формаў сацыяльнага зняцэньвання.

Нашы партнёры