ІІІ МІЖНАРОДНЫ ФЕСТЫВАЛЬ КВІР-КУЛЬТУРЫ ДОТЫК ПРЭЗЕНТУЕ СВАЮ ПРАГРАМУ

Да III Міжнароднага фестывалю квір-культуры DOTYK засталося крыху больш за тры тыдні, і мы спяшаемся падзяліцца з вамі праграмай, а таксама распавесці пра яе асаблівасці. Сёлетні DOTYK пройдзе ў Мінску з 24 лютага па 6 сакавіка і прынясе з сабой шмат ззяння! Кінапаказы, лекцыі, спектаклі, выставы, гульні, спартыўныя заняткі, экскурсіі, вечарыны – агулам 36 мерапрыемстваў, прысвечаных тэмам ЛГБТ+, квір, фемінізму. DOTYK-2017 сабраў разнастайную праграму для тых, хто цікавіцца пытаннямі гендарнай ідэнтычнасці і правамі чалавека. Фестываль – крок да пераадолення праяваў сэксізму, гамафобіі і любых іншых формаў дыскрымінацыі ў беларускім грамадстве.

Важная частка праграмы – кінапаказы. DOTYK, які вырас з кінафестывалю, не забываецца на свае карані. Гэтак, кожны дзень форуму будзе суправаджацца дэманстрацыяй фільмаў. Дакументальныя і мастацкія, поўнаметражныя і кароткаметражныя стужкі раскажуць пра смелую іранскую дзяўчыну, якая вырашыла чытаць рэп («Саніта»), пра святара, які жыве не ў сваім целе і абірае сваім шляхам карэкцыю полу («Ператвараючыся ў Эн-Крысцін»), пра рэлігійнага мусульманіна-гея, які ажыццяўляе сваю духоўную вандроўку да калыскі ісламу («Грэшнік у Мекке»), пра тое, што каханне належыць да натуральных правоў чалавека (праграмы «Простае жыццё», #5films4freedom, «Адзін дзень з жыцця …»). Сакрэт фільмаў адкрыцця і закрыцця фестывалю будзе абвешчаны бліжэй да падзеі.

Паралельна з фестывалем і як яго неад’емны складнік пройдзе выстава «Мы (не) адныя». Мастацкае выказванне аб жаданні салідарнасці, рэакцыя на падзеі 2016 года. Калі верыш у свабоду, роўнасць, братэрства і атрымліваеш удар пад дых – ваенныя дзеянні, міграцыйны крызіс, brexit, абранне Дональда Трампа. На працягу фестывалю можна будзе даведацца больш пра выставу, наведаўшы экскурсію з яе куратар_камі і ўдзельні_цамі, а таксама artist talk c Алісай Олевай (Расія, Вялікабрытанія) і Мішам Бадасянам (Германія).

Вядучыя ідэі фестывалю – салідарнасць і супольнасць. І падмацоўваць іх у праграме будзе значная колькасць партнёрскіх мерапрыемстваў. Спецыяльна да DOTYK сяброўскія арганізацыі стварылі новыя альбо пагадзіліся паўтарыць свае ўжо паспяховыя праекты. У рамках фестывалю пройдуць сумесныя мерапрыемствы з Жывой бібліятэкай, Праектам для жанчын «Здольная», MAKEOUT, ГА «Радзіслава», Праваабарончай арганізацыяй Human Constanta, ГА «Адукацыйны цэнтр «ПОСТ», Міжнародным ЛГБТ-кінафестывалем «Бок о бок» (Расія), Стакгольмскім кінафестывалем Queer Cinema (Швецыя). Да стварэння фестывалю ў чарговы раз далучыліся і замежныя госц_і ды інстытуцыі. Удзельні_цамі DOTYK сёлета стануць актывіст_кі, даследчы_цы, праваабарон_цы і маста_чкі з Арменіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Латвіі, Літвы, Партугаліі, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі.

Расслабіцца і адпачыць ад насычанай праграмы можна будзе на вечарынах. Стартуе фестываль з DOTYK Opening Party: Bryozone (Адэса), Hyper Dead (Стакгольм), Komitet (Кіеў), p.m. (Крым), СЛЁЗЫ АМБАЛА (Кіеў), Алеся Жыткевіч (Мінск). Першы суботні вечар пройдзе з DOTYK-Lounge і DJ Scarlett. Зачыніцца фестываль вечарынай з пераапрананнямі Gender Changer party w / DJs Pogodina + Scarlett пад дэвізам «гендар фры».

Асноўнай пляцоўкай DOTYK стане новая для Мінска прастора Сталоўка XYZ (вул. Фабрыцыуса, 4, паверх 3). Уваход на большасць мерапрыемстваў фестывалю будзе вольным за выключэннем вечарын адкрыцця і закрыцця, а таксама канцэрту гурта «ИВА НОВА». Шэраг мерапрыемстваў будзе патрабаваць рэгістрацыі. На фестывалі прысутнічае ўзроставае абмежаванне для наведвальнікаў 18+.

  • Культурна-асветніцкая ўстанова "Кінаклуб “Дотык”’
  • Распрацавана null_studio