Так усё зараз #2: Dotyk party

Djs: Moonilena (SE), Rosemary Loves A Blackberry (RU), Фера Ледяева
пры ўдзеле мастачкі Васілісы Палянінай
Куратары: Аляксей Барысёнак і Воля Сасноўская
«ТАК УСЁ ЗАРАЗ #2» — гэта другая з серыі вечарын, якія стартавалі год таму ў рамках адкрыцця фестывалю квір-культуры DOTYK. Мы прадстаўляем зрэз актуальнай электроннай музыкі і мастацтва, звязаных з квір і фемінісцкім кантэкстам, і запрашаем усіх далучыцца да нашага рашучага свята. «ТАК УСЁ ЗАРАЗ» — гэта лозунг, неабходны для таго, каб вярнуць рэпрэсаванае жаданне з-пад паліцэйскай дубінкі, з нерэалізаваных утопій, грамадскіх прыбірален і кухань у публічную прастору. Гэтая дыскатэка павінна быць немагчымай! Ніякага сэксізму, расізму і гамафобіі!
18+

Moonilena (Стакгольм)

Moonilena— праект Marlena Lampinen, дыджэйкі, прадзюсеркі, а таксама — саўнд-арт мастачкі, якая жыве ў Стакгольме. Яна вядомая сваімі эклектычнымі мікстэйпамі, ад далікатных і выдатных гукавых ландшафтаў да інтэнсіўных бітоў, якія качаюць свядомасць і цела. Разам з Linus Hillborg заснавала незалежны стакгольмскі лэйбл Moloton. Сёлета на Moloton выйдзе яе вініл у калабарацыі з Sonja Tofik. Разам з музыканткамі Lap-See Lam і Anja Enerud, Марлена запусціла клубны праект Arcade Overseas, з фокусам на эксперыментальнай электроннай музыцы, а таксама — візуальным мастацтве і перформансе, створанымі жанчынамі і трансгендарнымі людзьмі. Марлена выступала на шматлікіх фестывалях, такіх як NORBERGFESTIVAL і Intonal (Швецыя), і стакгольмскіх клубах Under Bron і Fylkinegen. Яна таксама актыўна выпускае міксы і выступае на шведскім радыё.

Rosemary Loves A Blackberry (Масква)

Дыяна Буркот — музыкантка і мастачка з Масквы. У мінулым — барабаншчыца no wave нойз-рок-гурта «Фані Каплан» і ўдзельніца нойз-феміністычнага гурта «Прыпой» . У Мінску Дыяна выступіць са сваім сольным праектам Rosemary Loves A Blackberry.
Яе насычаная і інтэнсіўная музычная дзейнасць пачалася больш за 12 гадоў таму. За гэты час яна была ўдзельніцай мноства калектываў, эксперыментавала з панкам, джазам і электроннай музыкай. У 2017 выйшаў яе EP «5» на лэйблу DETROIT UNDERGROUND і альбом «❤» на Anti-Ghost Moon Ray. Дыяна скончыла Маскоўскі Каледж Імправізацыйнай музыкі і Маскоўскую школу фатаграфіі і мультымедыя імя Родчанкі, працуе з відэаартам, інсталяцыяй, перфомансам і саўнд-артам.
Выступала на мностве пляцовак Расіі і Еўропы, ад андэграўндных клубаў да вялікіх фестываляў, такіх як Moscow Music Week, «Боль» , «Форма» (Расія), Kalabalik på Tyrole (Швецыя), GAZE (ЗША), Incubate (Нідэрланды), а таксама ў рамках іншых мастацкіх праектаў.

Фера Ледзяева (Мінск)

Гэта калекцыянерка пласцінак з ідэальным густам ўжо некалькі гадоў прымушае іскрыцца танцполы мінскіх бараў і сакрэтных вечарын. Не прытрымліваючыся адзінага жанру, яна па-майстэрску ўплятае ў свае міксы ўсё ад лоу-фай хаўса да хардкор-панка, тонка адчуваючы кожны ваш нерв. Гэтай ноччу нас чакае млявы і таямнічы дыджэй-сэт ад Феры Ледзяевай. Не для сябе — для пачуццяў. Для аматараў нечаканай танцавальнай музыкі.

Васіліса Паляніна (Мінск)

Мастачка, працуе з графікай, фота, інсталяцыяй, перформансам і паэзіяй. Васіліса Паляніна звяртаецца да тэм самаідэнтыфікацыі, ахвярапрынашэння, праявы псіхалагічнага і афектыўнага праз цялеснае, і сацыяльнага праз прыватнае. Яе працы былі прадстаўлены на сольных і групавых выставах у Беларусі, Украіне, Італіі, ААЭ і інш. Заснавальніца мастацка-літаратурнага часопіса «Макулатура» (2014-2017).
Спецыяльна для «Так ўсё зараз #2» Васіліса прадставіць новую мастацкую працу.

  • Культурна-асветніцкая ўстанова "Кінаклуб “Дотык”’
  • Распрацавана null_studio