Вызвалілі ззянне: як адкрываўся DOTYK-2017
24 лютага адбылося ўрачыстае адкрыццё ІІІ Міжнароднага квір-фестывалю DOTYK. Сказ, за каторым стаіць сапраўднае свята. Сказ, які «зрабіў гэты ўікэнд». У пятніцу ўвечары Сталоўка XYZ гудзела і зіхацела ад прадчування. Адкрывалі з гонарам, хваляваліся: некалькі словаў арганізатар_ак, відэазварот ад гасцей фестывалю… Паміж цэрымоніяй і пачаткам фільма адкрыцця наведвальні_цы маглі не толькі лепей аглядзець новую прастору, але і падзівіцца на дзеючую фестывальную выставу – «Мы (не) адныя».
Пасля фільма «Хто цяпер мяне палюбіць?» (рэж. Барак Хейман, Томер Хейман, Ізраіль) пачалася DOTYK Opening Party. Незвычайную атмасферу ў гэтую ноч ствараў як касмічны лайнап, так і сюрпрыз ад арганізатар_ак: на ўваходзе ўсіх жадаючых акунуцца ў мора бляска валанцёр_кі фестываля абмазвалі глітэрам і клеілі стразы.
Гэта той выпадак, калі прынцып «да апошняга госця» і час заканчэння мерапрыемства супадаюць. Самыя трывалыя з наведвальні_ц пакінулі прастору ўжо марознай раніцай.
Цягам суботы і нядзелі фестываль працаваў на ўсю моц. Лекцыі, кінапрагляды, творчыя сустрэчы і DOTYK Lounge адбыліся ў Сталоўцы XYZ. Прайшлі на іншых лакацыях некалькі інтэрактыўных і звязаных з фізічным рухам мерапрыемстваў (сумесны з MAKEOUT «Менскі квір-шпацыр», заняткі па Vogue ад «Здольнай» і па Wen-Do ад ГА «Радзіслава»).
Фота Віялеты Саўчыц
Больш фота па спасылцы